МІ́НСКІ ЦАРКО́ЎНА-АРХЕАЛАГІ́ЧНЫ МУЗЕ́Й.

Існаваў у 1908—15 пры Мінскім царкоўным гісторыка-археалагічным камітэце. З 1909 музеем кіраваў А.К.Снітка. Экспазіцыя мела 1363 экспанаты (1910), сярод іх рэчы царк. даўніны, рэліг. культу, тэксты нар. песень, казак, паданняў, матэрыялы этнагр. экспедыцый, па гісторыі гербаў і пячатак, каля 500 стараж. манет, археал. знаходкі з раскопак пад Пінскам, Радашковічамі, Слуцкам, Туравам. Сярод збораў кніжнага фонду (каля 1900 тамоў, 1910) Апостал і Тыпікон (16 ст.), Мінея агульная (канец 17 ст.), Сінопсіс (18 ст.), архіў Слуцкага Троіцкага (Трайчанскага) манастыра. У музеі зберагалася частка калекцыі бел. археолага Г.Х.Татура. У пач. 1-й сусв. вайны экспанаты музея эвакуіраваны ў Разань (Расія). У 1922 вернутая частка фонду і 250 кніг трапілі ў царк. аддзел Бел. дзярж. музея, астатнія выданні кніжнага фонду перададзены дзярж. б-цы, архівы — цэнтр. архіву. Некаторыя рэчы, у т.л. рукапісы, зберагаюцца ў Нац. музеі гісторыі і культуры Беларусі.

Будынак музея пастаўлены на тэр. архірэйскага падвор’я ў 1913 у азнаменаванне 300-годдзя дома Раманавых (арх. В.Струеў). Быў задуманы як частка арх.-маст. комплексу духоўнай рэзідэнцыі Мінскай епархіі, якая ўключала пабудовы архірэйскага падвор’я і праектуемыя будынак музея і агароджу з цэнтр. парадным уваходам. Выкананы ў неарускім стылі. 2-павярховы прамавугольны ў плане цагляны будынак пастаўлены на высокі цокаль і накрыты вальмавым дахам. Гал. фасад асіметрычнай кампазіцыі. З усх. боку да яго прыбудавана круглая ў плане вежа, завершаная шлемападобным купалам. Сцены вежы, стылізаванай пад стараж. абарончую, былі прарэзаны байніцамі, верхняя ч. аформлена машыкулямі і геам. арнаментам. З зах. боку фасад фланкіраваны невял. квадратнай у плане вежачкай, прарэзанай неглыбокімі нішамі і завершанай высокім 4-гранным шатром. Гал. ўваход падкрэслены кілепадобным франтонам, упрыгожаным арнаментам. Фасады падзелены карнізным паяском, прарэзаны высокімі лучковымі аконнымі праёмамі, упрыгожанымі дэкар. паўкалонамі, 2- і 3-лопасцевымі аркамі, філёнгамі і інш. элементамі. Агароджа з цэнтр. парадным уваходам аддзяляла архірэйскае падвор’е ад Аляксандраўскага сквера. Цэнтр. парадны ўваход меў тыя ж арх. формы, што і будынак музея: высокія фланкіруючыя квадратныя ў плане слупы-вежачкі завяршаліся вастраверхімі шатровымі дахамі, карнізныя паяскі, што апяразвалі вежачкі, з простым. геам. арнаментам. Лучковая металічная арка была вырашана ў духу венскага мадэрна. Кованыя рашоткі, агароджа, вароты, брамы былі зроблены высокакваліфікаванымі мясц. кавалямі. У 1930-я г. агароджа знішчана. У 1915—20 у будынку размяшчаўся Народны дом, з 1963 — Дом работнікаў мастацтваў.

Літ.:

Записки Северо-Западного отдела имп. Русского географического общества. Кн. 1. Вильна, 1910;

Шыбека З.В., Шыбека С.Ф. Мінск: Старонкі жыцця дарэв. горада: Пер. з рус. Мн., 1994;

Чернатов В.М. Памятнік творческого содружества // Стр-во и архитектура Белоруссии. 1979. № 2.

А.С.Жмуроўскі, В.М.Чарнатаў (архітэктура).

Мінскі царкоўна-археалагічны музей. Здымак 1914.

т. 10, с. 453

Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)